Балада пра дванаццаць перакладчыкаў і адзін замак

Прысвячаецца перакладчыкам — гасцям замка-гатэля на вадзе
(zamek na wodzie w Wojnowicach)


Дванаццаць перакладчыкаў хацелі тут сабрацца,
Знайшлі пакойчык вусцішны — і вось іх адзінаццаць.

Сабраліся - ай, цёмна, ліхтар бы хоць падвесіць!
Адзін пайшоў па сходах. Бах-бах, і вось іх дзесяць.

Прынеслі свечкі... На сцяне — карціна: бор, калоссе...
І фарбай тхне, ды моцна так, што дзевяць засталося.

Як пачалі перакладаць прыгожы верш пра восень,
Дык ссумаваўся ўшчэнт адзін — іх засталося восем.

Урэшце пераклалі верш, стаміліся ж усе.
Адзін заснуў і не храпе... Ой-ой, ужо іх сем.

Вось ранак. Трэба пажаваць! "Давайце знойдзем ежу!"
Сказаў адзін, знайшоў батон... Іх шэсць: батон нясвежы.

Пайшлі шпацыраваць у парк, сядзелі пад каштанам,
Прыйшлі пяцёра, бо каштан зваліўся нечакана.

Ля замка ўвечары знайшлі вялікую пячору...
Вы здагадаліся, сябры, што іх цяпер чацвёра?

Ну, годзе - трэба працаваць! Зайшлі ў бібліятэку...
Цяпер іх тры: стэлаж упаў і струшчыў недарэку.

Вось перакладчыкі сядзяць... Ну што, давайце ў карты?
І трэцяга разбіў інфаркт, бо прыкуп быў няварты.

А што перакладзеш удвух? Спявайма, дружа мілы!
І інфернальны спеў давёў другога да магілы.

Адзін у замку я сяджу ды вось пішу ў Facebook...
Памру ад сораму, як здам свой пераклад у друк!