***

Блішчыць у шклянцы зорнае святло,
А я гляджу на вуліцу скрозь шыбу:
Сыходзяць госці (як і не было)
Без шкадавання, без тугі фальшывай.

Гасцей з’ядае вечаровы змрок.
Чакае іх сям’я, а заўтра — праца…
З’яўляюцца без мэты, незнарок,
Каб назаўжды маўкліва развітацца.

Ад развітанняў гэтых не ўцячы.
Няхай прыходзяць іншыя знаёмцы:
Паляпаюць таропка па плячы,
Пагутараць і знікнуць. Цыкл бясконцы.

Свой час даўно марную я ў журбе,
Здаецца, выйсця не знайду ніколі…
А зорнае святло, як карабель,
Гайдаецца на хвалях алкаголю.