***

Цвітуць апенькамі грыбовішчы.
Хадзем, прабавім час у пошуках,
Ды набяром грыбоў. Або ні з чым
Мы вернемся – паветра ў кошыку.

Красуе жоўты лес убраннямі…
І хай грыбоў не дасць нам верасень,
Але лякуе восень ранняя
Ад крыўды, ад любоўнай ерасі.

Агорнуць шаты прахалодаю
І знікне згадка мітуслівая,
Што я кахаў цябе заўсёды – і
Хацеў, каб ты была шчасліваю.