***

Чараўніца ў бутэльцы з зялёнага шкла,
Як мяне нечакана ты сёння знайшла!

Дык нашто ў гэты вечар ты выйшла з ільдоў?
Каб з ласкавай усмешкай скарыць мяне зноў?

У будзённай турбоце, бязладнай журбе
Не магу, не хачу пакідаць я цябе.

Хай я з кожным глытком прапіваю душу!
Падаруй мне адзін пацалунак! Прашу!

Каб ад дотыку хмелю забыў я зіму,
Каб не помніў, навошта жыву ды чаму.

Не! Няхай застанецца адзіны ўспамін:
Снежань, гурбы за шыбай, кілішак, камін.

Толькі прысмак кахання на вуснах маіх
Нагадае бязлітасна: боль не аціх,

Бо адзінай каханкай маёю была
Чараўніца ў бутэльцы з зялёнага шкла.