***

Душа мая — нявольніца:
І хочацца, і колецца
Хадзіць па наваколлі ці
Глядзець у хісткі змрок.

І слухаць, як пад клёнамі
Трава шапоча сонная
І пасмамі зялёнымі
Змякчае кожны крок.

Шаўковымі кілімамі
Плывуць дарогі-лініі,
Ды толькі змрок адрыне — і
Працягне час свой бег.

Хай застанецца лепшае —
Лісты, цыдулкі, вершыкі,
Сусвет святлом усцешаны
І шчасце — для цябе.