Памяці Маркуса Гарві

Трапятлівы кажан поўню крыламі рэжа,
Вецер свішча, гуляе ў маіх валасах.
Не забудзься, Гасподзь: наша вера – без межаў
І пакуль з намі ты, мы не помнім пра страх.

У прыгнёце жылі без надзеі, без дому,
Бераг наш так далёка – не бачыць адсюль.
А знявагі канец – толькі скокнуць са стромы,
Ці пабегчы й загінуць пад покрывам куль.

Хопіць! Час надышоў. Дык да зброі, мужчыны!
Мы напішам малітву крывёй на вадзе.
Хай дарогі няма да зямное Айчыны:
У нябесную Афрыку лёс прывядзе.

Наша смерць не ўратуе забойцаў і катаў:
Той не трапіць у рай, хто жыцця не губляў.
За чужыя грахі мы здабудзем расплату!
З намі Збаўца, і сонца і, наша зямля.