***

Я хачу напісаць свой найлепшы верш,
Атрымаць за яго ганарар найперш,
Закапаць тыя грошы на чорны дзень
І шукаць паўжыцця невядома дзе,

І пакінуць нашчадкам складаны квест -
«Дзвесце метраў ад дуба на зюйд-зюйд-вест»,
Каб у полі з рыдлёўкай мой сын шукаў,
Слухаў спевы аўсянак і жаўрука...

У зямлі ціха прэе паперак пук,
Завіхаецца ў полі сасмяглы ўнук...
Нездарма я таптаў гэты белы свет:
Не забудуцца ўнукі, што дзед – паэт!