***

Кахаць — як будаваць вялікі дом:
Работу пачынаем з катлавана.
Капаем уначы, капаем днём,
Працуем і адказна, і старанна.

Гады мінаюць. Зніч жадання згас,
Імпэт сціхае, застаецца праца,
І вось ужо штодня шукаем час,
Каб на будоўлю пачуцця вяртацца.

Замест работы крывім мы душой,
Знаходзім у каханых недахопы…
Усё звычайна: кожны з нас прайшоў
Свой шлях ад грабара да далакопа.