Камінар

Шпакі галілі крыламі паветра,
Гарэў заход прыгожы, як мана.
На вышыні недасягальных метраў
Хадзіў па дахах чорны камінар.

Блукаў штовечар ён без працы новай
І зразумець не мог, што ўсё дарма.
У джунглях гарадскіх шматпавярховых
Ёсць камінары – комінаў няма.

Жангліраваў кастрычнік жоўклым лісцем
Ды слухаў чалавек, як вецер ныў.
Замест жыцця надзеі засталіся,
Але каму патрэбныя яны?

І доўжыцца дасюль ягоны шпацыр,
І сумна ўніз глядзіць мурзаты твар...
Чаму жа нядаўна пачало здавацца,
Што я - як гэты чорны камінар?