Каўказ

Ноччу а другой гадзіне ціха выйшаў на гаўбец,
І ўспаміны зноў бруяцца - хай рака цячэ сабе.

Не забыць такога, зрэшты: я ў той час набыў квіток,
І мяне цягнік выносіць у густы каўказскі змрок.

Недзе ў цемры горад родны, шэраг белых ліхтароў;
Лёхі, стрэхі, пахі, рэхі – толькі шчасця не знайшоў.

Тут, на поўдні, краявіды: гор не менш, чым яркіх зор,
Месяц точыць на чужынцаў рог свой, востры як лязо.

Люд мясцовы жвавы, шпаркі – не губляецца ў журбе...
Брудны горад. Дзьме вятрыска. Пад нагамі зноў гаўбец.

Так, было калісьці дзіва. Веру, не ў апошні раз!
Я цябе яшчэ пабачу, краю велічны, Каўказ...