Кавярня

Ля станцыі ў кавярні прыдарожнай
Не захмялець — адно напіцца можна,
Але нашто мне піва ды віно?
Я на адной з такіх спусцелых станцый
Збаяўся — і не змог з табой застацца,
А верасень у жоўтым кімано
Махаў галлём неабляцелых клёнаў.
Я чуў — ты ўслед мне сыпала праклёны —
І прамаўчаў, і зноў паскорыў крок.
Загояцца марудна ў сэрцы раны:
Не вылечыць і столік рэстаранны...
Сяджу ў кавярні. Побач сцэна. Змрок.
І робіцца чамусь ніякавата:
Пяе жаночы голас пра расплату,
А гук ляціць і растае ў журбе...
З кавярні выйшаў я (паветра мала)
І хутка апынуўся ля вакзала...
Але скажы: як збегчы ад сябе?