Ліфт

Кабіна ліфта едзе ўніз,
Скрыгочуць тросы. У паўзмроку
Ты пакідаеш парадыз,
Мне да яго яшчэ далёка.

Расстання нашага туга
Не закране цябе, я веру.
Я вінаваты сам, бо лгаў,
А ты ўвайшла ў чужыя дзверы.

Што застаецца мне? Глядзець,
Як надвячорак тоне ў скрусе.
Не прынясе мне шчасця дзень —
Дажыць да досвітку імкнуся.

І прыйдзе ранак. І тады
Пазбавіць ён мяне спакою:
Кабіна ліфта назаўжды
Зачыніцца перада мною.