***

Навобмацак да праўды ідучы,
Блукаю я сярод праклятых соснаў.
Святлом зіхоткім вабіць далячынь,
Звіняць цудоўна залатыя росы,

Гладзь возера празрыстая, як шкло,
Пшанічныя бурштынавыя хвалі...
А дзе спакой? Відаць, усё было.
Дык што мы прапусцілі, што праспалі?

Калі я зразумеў, што лёс — падман?
Далёка дзесьці ходзіць лэдзі-ўдача.
Вакол хлусні вялікі акіян:
І плыняў шмат, і берагоў не ўбачыць.

Ніхто не можа мне дапамагчы,
Але світанак хутка прыйдзе босы,
І зноў святлом завабіць далячынь,
І зазвіняць вясёлай песняй росы...