***

Пачаўся пластыкавы век,
Але насуперак эпосе
Сакочуць конікі ў траве,
Да сонца цягнецца калоссе,

І лубіна ліловы квет
Не верыць, што пачнецца восень,
А зорны карабель плыве
Па іншы бок нябачнай восі.

І на крыві расце відук,
Гарыць агеньчык дзівасіла:
Навечна радасць і бяду
Перапляло, перакруціла.

Хай будзе так, а я сыду
З зямлі, яшчэ нядаўна мілай…
Нябёсы ў сінюю ваду
Глядзяць – і бачаць Азраіла.