***

Ты ведаеш, як нудзяцца ўначы
Бяскрылыя пакутнікі кахання,
Бо ад сваіх пачуццяў не ўцячы,
Але трываць ужо яны не ў стане.

Ты ведаеш, як нараджаўся гук –
Аскепкі зорак ападалі долу,
І цішыня ляцела з цёплых рук
Бліжэй да неба, аблачын, анёлаў.

Ты ведаеш, як сорамна глядзець
У душы незнаёмым і прыгожым,
Бо ў багну ператворыцца спадзеў,
І выцягнуць з яе ніхто не зможа.

Ты ведаеш усё, што ў свеце ёсць,
Усё, што чуе вуха й бачыць вока…
Ты – вечная чужая прыгажосць.
Дазволь мне толькі палунаць навокал!