***

Паслязаўтра адбудзецца жнівень, як цуд нечаканы,
І аздобіць на золку празрыстай расою траву,
Захавае зямлю ад прадвосеньскіх пасмаў туману
І напоўніць зярнятамі чорнымі спелы кавун.

Ліпень доўга смяяўся: то ветрам нагоніць залеву,
То спякотаю з глебы апошнія кроплі збярэ…
Толькі веру: цяпер гэта пройдзе, мая каралева,
Будзе жнівень, з табою сустрэцца змагу ў рэшце рэшт.

«Будзе жнівень», — я зноў паўтараю. Ён прыйдзе, паўстане,
Месяц жоўтых світанкаў, пяшчотнай азёрнай вады.
Хай жа ён падаруе адвечную радасць кахання,
Каб яна заставалася з намі заўжды. Назаўжды!