Смарагдавы шар

Тры тыдні без ветру й залевы...
У яблыні сохне душа,
І чутна, як падае з дрэва
Маленькі смарагдавы шар.

І грукат нягучны навокал
Жахлівей за ўсё дый прасцей -
Галіны гатовыя ў спёку
Пазбавіцца ўласных дзяцей.

Бязлітаснасць вечная тая,
Як светабудовы ключы.
Прычыны ніхто не спазнае:
Ты мовіш, а дрэва маўчыць.

Лістота ў бязвоблачнай сіні
Не скажа, які запавет
Мы людзям наступным пакінем
Калі нас пазбавіцца свет.