***

Свавольныя словы сплятуцца ў радкі,
Запомніцца клавішам дотык рукі,
Але праз хвіліну якую
Агонь успамінаў апаліць душу.
Знянацку здаецца: не вершы пішу —
Жаночую шыю цалую.

Бязмэтная праца мой дзень забярэ,
А ўвечар прачнецца ліхтар на дварэ,
І з’явяцца строфы ў тумане…
Трывога няясная ўміг скалане:
Каханая, як ты жывеш без мяне?
Адказу няма на пытанне.

Але я не млявы лірычны герой.
Адказу няма? Дык па звычцы старой
Не ныю (а іншы б заплакаў).
Няхай ты з каханым шчасліва жывеш,
А я дапішу свой няскончаны верш
На радасць чытачкам з філфакаў.