Трамвай

Жыццё — старэнькі чэшскі трамвай на вуліцах Еўпаторыі,
Які паціху паўзе ў дэпо; за ім пляцецца гісторыя.
Хоць ты старэеш і забываеш былых куміраў-герояў,
Трывае памяць, пакуль паўзе трамвайчык з краіны мрояў.

Наўкол квітнее жнівеньскі дзень, нябёсы промнямі пырскаюць,
І едзеш ты праз сцяну гадоў наўпрост у задуху крымскую.
Ізноў у вагоне віруе жыццё — курортнікі з пляжу вяртаюцца,
А дзеці ловяць сонца ў акне, трымаюць на кончыках пальцаў.

І пасажырка галосіць, вішчыць — ажно вылупляе вочы.
Кандуктарка моўчкі слухае, а бабка плаціць не хоча:
«Пенсія — трыццаць сем грыўняў! Грошай няма ўсё роўна!»
Кандуктарка ёй даруе, бо сёння настрой цудоўны.

А побач сядзіць рабочы, вясёлы з самага ранку:
Яму на заводзе далі адгул. Кульнуў на радасцях шклянку.
Другую шклянку ж увечар кульне, каб быць найшчаслівым у свеце,
А потым сустрэне ён двух сяброў — і разам вып’юць па трэцяй.

І ты назіраеш за мітуснёй: наўкол мяняюцца людзі,
Вось нехта ўваходзіць у твой вагон, а іншы больш ездзіць не будзе.
А ты б яшчэ наведаў ліман, заскочыў па дыню на рынак,
Ды кажа кіроўца табе: «Выходзь. Гэта апошні прыпынак».