Ціша

Ні святла наўкол, ні агню,
Толькі блякне над полем ветах.
Уплятаецца ў цішыню
Лёгкі водар далёкіх кветак.

Змоўкне вецер праз пяць хвілін,
Апануе зямлю нямота.
Лёгка верыць, што ты адзін.
Прыйдзе міг – і не ўспомніш, хто ты,

І не скажаш, каторы год
Цішыня адступаць не хоча…
І апошні цягнік на ўсход
Засынае ў абдымках ночы.

Так, ты выйграла, цішыня,
Я знікаю ў нямым палоне.
Як малое багавяня,
Прыпаўзаю ў твае далоні.

Ноч нядоўгая. Будзе днець,
І адчыняцца ў прышласць дзверы…
Цішыня, забяры мяне!
Я не гукам – маўчанню веру.