***

Уздыхі электрычнага дажджу
Гучнейшыя за шэпт маёй каханай.
Са слухаўкай сюды-туды хаджу
І думаю: мы стрэліся зарана,

Не выспявае хутка пачуццё,
Марудна забываецца былое…
А побач ні душы, і вадасцёк
Дажджом бурліць, як свежаю крывёю.

Ледзь чую я аскепкі слоў тваіх
І разумею – мне патрэбна мала:
Каб палкі шэпт у слухаўцы аціх,
Ды змрочна навальніца рагатала.