Венецыя

Навокал змрок, халодны шэры дождж.
Глядзіш на свет, як пасівелы дож,
Шукаеш свой адбітак у канале,
Ужо знайшоў, ужо злавіў амаль... І
Выява знікла — і знікаеш ты.
Сярод тужлівай гэтай цемнаты
Мінаюць дні, лятуць у вырай шпарка.
І нават шлях, знаёмы кагадзе,
Цяпер ужо цябе не прывядзе
Да карнавальна-радаснай Сан-Марка.
І ты маўчыш. У шыбы лупіць дождж.
Каму патрэбны ты, самотны дож?
Даўно палёгкі не дае залева.
Глядзіш, як б’е маланка за акном,
І верыш, што яна падпаліць дом,
Паблытаўшы яго з вялікім дрэвам.