Вяргіня

Усё псуецца, гасне, гіне
З недасканаласцю сваёй,
А ў садзе нечая вяргіня
Блішчыць свавольнай чысцінёй.

Яна буяе. І спрадвеку
Красуе ўсюды прыгажосць,
Як быццам кажа чалавеку,
Што ён на свеце толькі госць.

Але ж успамінаць няпроста,
Што маеш ты кароткі век...
Калісьці я рыдлёўкай вострай
Вяргіню зрэзаў і пасек.

Раслін я многа бачыў рэдкіх,
Са дня таго гады прайшлі...
І толькі ссечаная кветка
Ад болю енчыць з-пад зямлі.