***

Вясна бяжыць па лужынах,
Святло цячэ ракою.
Мой свет хваробай звужаны
Да аднаго пакоя.

Сумуюць сцены шэрыя,
Глядзіць мне боль у вочы…
Але нязменна веру я:
Ты вернешся аднойчы.

Заўжды наіўна думаю,
Што ты прыйсці хацела б,
Каб вылечыць душу маю
(А можа, нават цела).

З табой знайшоў бы сілу я,
Змагаўся б, як калісьці…
Ты не прыходзіш, мілая,
Няма з хваробы выйсця.

Мой бой няздарна скончаны,
І я сяджу сам-насам
У шэранькім пакойчыку
З непераможным часам.