***

Замовамі не вылечыць самоты.
Яна жыве, як за калючым дротам,
У таямніцах цела і душы.
І лекі ад тугі не дапамогуць,
Твой паратунак — доўгая дарога.
Дык не марудзь, бяжы, бяжы, бяжы!
Так, шлях далей за сонца, за аблокі,
За небакрай раскідзісты, шырокі,
Але ты кіламетраў не рахуй.
Хай дыхаць замінаюць пыл і вецер —
Бяжы, бяжы! Пакінь сляды ў сусвеце,
І людзі пойдуць па тваім шляху...