***

З балкона ўранку я глядзеў,
Як прачынаўся горад сонны:
Далёка ўнізе, на вадзе
Чарнелі птушкі-парасоны.

Плылі па лужынах адны,
Другія лёталі зазвычай,
А трэція, як каршуны,
Шукалі лёгкую здабычу.

Навокал пазіраў я зноў,
Хацеў у валадарстве слоты
Між вераб'ёў і каршуноў
Знайсці дзівосную істоту.

Натоўп разліўся, як рака,
А я ўглядаўся ў змрочны шэраг:
Цудоўны парасон шукаў
Паміж звычайных чорна-шэрых.

Знайшоў! Панёсся наўздагон,
Дабег нарэшце - вось удача!
Я зазірнуў пад парасон
І... Сам сябе пад ім убачыў.