Вершы Рычарда Бротыгана

Другое каралеўства
(The Second Kingdom)

У першым каралеўстве
зорак
усё прыгожае
напалову.

Твае пазногці —
анёлы,
што спяць пасля
доўгай ночы
кахання.

Гучанне тваіх
вачэй — снег,
што сыходзіць
па прыступках
ветру.

А валасы
твае — колеру
Бога, які зрывае
кветкі.

У другім
каралеўстве зорак
ёсць толькі
ты.

Паштоўка з моста
(A Postcard from the Bridge)

Восеньская рака
чыстая і халодная,
і рыбы вісяць
у глыбінях
і не любяць ні мары,
ні рэальнасці.

Рыбы вісяць
у глыбінях
і ціха варочаюцца,
нібы старонкі
ў старым альбоме
з фатаграфіямі.

Таксіст
(Taxi Driver)

Мне падабаецца таксіст:
ён нясецца па начных вуліцах
Токіё
так, нібы жыццё не мае сэнсу.
Вось і я так думаю.

Месячнае святло на цвінтары
(Moonlight on a Cemetery)

Месячнае святло праплывае
Сотню тысяч міляў,
Каб упасці на цвінтар.

Чытае сотні эпітафіяў
І пасля ўсміхаецца савянятам
У гняздзе.