Вершы Чарльза Букоўскі

Я спаткаў генія
(I met a genius)

Я спаткаў генія ў цягніку
сёння
прыблізна шасці гадоў,
ён сядзеў каля мяне
і як цягнік
пайшоў па ўзбярэжжы
мы даехалі да акіяна
і тады ён паглядзеў на мяне
і сказаў:
“Непрыгожа”.

І ўпершыню я
зразумеў
гэта.

Сяброўская парада мноству маладых людзей
(Friendly advice to a lot of young men)

Паедзь у Тыбет.
Асядлай вярблюда.
Прачытай Біблію.
Падсіні чаравікі.
Адгадуй бараду.
Перасячы свет на папірусным каноэ.
Падпішыся на "Saturday Evening Post".
Жуй толькі левым бокам рота.
Ажаніся з аднаногай і галіся небяспечнай брытвай.
І выраж сваё імя на яе руцэ.

Чысці зубі бензінам.
Спі ўдзень, а ноччу лазь па дрэвах.
Будзь манахам - пі кактэйлі і піва.
Нырні ў ваду і грай на скрыпцы.
Танцуй танец жывата, пакуль не згаснуць свечкі.
Забі свайго сабаку.
Балатуйся ў мэры.
Жыві ў бочцы.
Праламі галаву сякерай.
Вырошчвай цюльпаны пад дажджом.

Але не пішы вершаў.

І месяц, і зоркі, і свет
(And the Moon and the stars and the world)

Доўгія начныя шпацыры –
вось што добра для душы:
пазіраеш у вокны
і глядзіш, як стомленыя жонкі
спрабуюць адагнаць
звар’яцелых ад піва мужоў.

Зноў час сюрпрызаў
(surprise time again)

для некага заўжды нечакана,
што забойца – гэты прыемны
ціхі хлопец з лагоднай усмешкай,
які хадзіў у царкву
і вучыўся
амаль на дзясяткі,
і меў поспехі на спартовых
арэнах,
быў добрым да сваіх старэйшых,
яго горача любілі дзеўчыны
і старыя,
ім захапляліся
равеснікі.

“не магу паверыць, што ён зрабіў гэта…”

яны заўжды думаюць, што забойца мусіць
быць брыдкім, грубым, несімпатычным,
што ён мусіць даваць знакі,
сігналы гневу
і вар’яцтва.

і такія зрэдку
забіваюць.

але пра патэнцыйнага забойцу ніколі нельга
меркаваць
па выглядзе –

ні пра палітыкаў, святароў ці
паэтаў.

ні пра сабак
ці жанчын,
што віляюць
хвастамі.

забойца сядзіць недзе,
як вы,
калі чытаеце гэта
і сумняваецеся.