Вершы англамоўных паэтаў

Пераклад верша Стывена Крэйна "Чорныя вершнікі..."
(Stephen Crane, Black riders came from the sea...)

Чорныя вершнікі прыйшлі з мора.
Ляскалі і ляскалі дзіды і шчыты,
Бразгалі і бразгалі капыты і шпоры,
Дзікія крыкі і хваля валасоў
У струмені ветру:
Так надышоў Грэх.

Пераклад верша Карла Сэндберга "Трава"
(Carl Sandburg, Grass)

Складзіце ў штабелі целы ў Аўстэрліцы і Ватэрлоа.
Закапайце іх і дазвольце мне працаваць.
Я трава, я пакрываю ўсё.

Складзіце іх у штабелі ў Гетысбергу,
Складзіце іх у Вердэне й Іпры.
Закапайце іх і дазвольце мне працаваць.
Два гады, дзесяць гадоў, і пасажыры спытаюць правадніка:
“Што гэта за месца?
Дзе мы зараз?”

Я трава.
Дазвольце мне працаваць.

Пераклад верша Эзры Паўнда “Дзяўчына”
(Ezra Pound, A Girl)

Дрэва ўвайшло ў мае кісці,
Па руках паднялася жывіца,
У грудзях маіх вырасла дрэва –
Кронай долу,
Галіны растуць з мяне, быццам рукі.

Дрэва – ты,
Мох – ты,
Ты – фіялкі і вецер над імі.
Дзіця – так высока – ты,
І ўсё гэта – глупства для свету.

Пераклад верша Дэрэка Ўолката "Сярэдзіна лета, Табага"
(Derek Walcott, Midsummer, Tobago)

Шырокія пляжы, брукаваныя сонцам.

Белая спёка.
Зялёная рака.

Мост,
абпаленыя жоўтыя пальмы

з соннага лецішча
дрэмлюць увесь жнівень.

Дні, якія я меў,
Дні, якія я страціў,

Дні растуць, як дочкі, і пакідаюць
прыстанак маіх рук.