Эрнэст Хемінгуэй. Дзесяць індзейцаў

(Ernest Hemingway, Ten Indians)

Неяк пасля свята Чацвёртага ліпеня Нік позна вяртаўся з горада дадому ў вялікім фургоне з Джо Гарнэрам і яго сям’ёй і праехаў міма п’яных індзейцаў – уздоўж дарогі іх было дзевяць. Ён запомніў, што іх дзевяць, бо Джо Гарнэр, які падганяў коней ужо ў прыцемках, спыніўся, саскочыў на дарогу і адвалок індзейца з каляіны. Індзеец спаў у пяску, тварам долу. Джо адвалок яго ў кусты і залез у фургон.

- Гэта ўжо дзявяты, – сказаў ён, – на дарозе адсюль да ўскраіны горада.
- Во індзейцы, - сказала місіс Гарнэр.

Нік сядзеў ззаду, разам з двума Гарнэравымі хлопчыкамі. Ён высунуўся з задняга сядзення, каб паглядзець на індзейца, што ляжаў там, куды Джо адвалок яго ад дарогі.

- Гэта Білі Тэйбшо? – спытаў Карл.
- Не.
- Ягоныя штаны такія ж, як у Білі.
- Усе індзейцы носяць аднолькавыя штаны.
- А я яго і не пабачыў, – сказаў Фрэнк. – Тата саскочыў на дарогу і вярнуўся, перш як я нешта ўбачыў. Я думаў, ён пайшоў змяю забіць.
- Сёння індзейцы змея забіваюць, зялёнага, – заўважыў Джо.
- Во індзейцы – паўтарыла місіс Гарнэр.

Яны паехалі далей. Збочылі з гасцінца, і дарога пайшла па ўзгорках. Коням цяжка было цягнуць фургон, хлопчыкі злезлі і пайшлі пешкі. Дарога была пясчаная. На вяршыні ўзгорка, ля школы, Нік азірнуўся і ўбачыў агні Пэтоскі, а за Літл-Трэверс-Бэй – агні Харбар-Спрынгс. Яны зноў залезлі ў фургон.

- Хоць бы жвірам засыпалі гэты ўчастак, – сказаў Джо Гарнэр. Фургон паехаў лясной дарогай. Джо і місіс Гарнэр сядзелі спераду побач, Нік – паміж двума хлопчыкамі. Дарога выйшла на прасеку.
- Вось тут тата пераехаў скунса.
- Гэта было далей.
- Ды хіба важна, дзе гэта было, – азваўся Джо, не павярнуўшы галавы. – Хоць тут скунса пераедзь, хоць там – усё адно.
- А я ўчора ўвечары двух скунсаў бачыў, – сказаў Нік.
- Дзе?
- Унізе, ля возера. Яны на беразе дохлую рыбу шукалі.
- Гэта, пэўна, яноты, – сказаў Карл.
- Не, скунсы. Хіба я скунсаў не ведаю.
- Анягож, – адказаў сказаў Карл. – Ты ж сяброўку-індыянку маеш.
- Хопіць балбатні, Карл! – сказала місіс Гарнэр.
- А што, яны ж пахнуць аднолькава.
Джо Гарнэр рагатнуў.
- Джо, не смейся. Я не хачу, каб Карл так гаварыў, – сказала місіс Гарнэр.
- Нікі, а ты маеш сяброўку-індыянку? – спытаў Джо.
- Не.
- Не, тату, яго сяброўка – Прудэнс Мітчэл, - сказаў Фрэнк.
- Ды не.
- Ды ён штодня да яе ходзіць.
- Не хаджу, – седзячы ў цемрадзі паміж хлопцамі, Нік у глыбіні душы цешыўся, што яго дражняць Прудэнс Мітчэл. – Ды яна і не мая сяброўка, – працягнуў ён.
- Вы толькі паслухайце, – сказаў Карл. – Я іх штодня бачу разам.
- А Карл не мае сяброўкі, – адказала маці. – Нават індыянкі.
Карл аціх.
- Карл не ўмее да дзяўчат заляцацца, – дадаў Фрэнк.
- Замаўчы ты.
- Ну і добра, Карл, – сказаў Джо Гарнэр. – Ад дзяўчат толку не дабіцца. Паглядзіце лепш на бацьку.
- Ага, хто б гаварыў, – місіс Гарнэр падсунулася бліжэй да Джо, калі фургон страсянула. – У цябе некалі шмат сябровак было.
- Гатовы пайсці ў заклад – тата ніколі да індыянак не заляцаўся.
- Я б не быў такі пэўны, – адказаў Джо. – А ты, Нік, пільнуй, каб Прудзі не адбілі.
Жонка нешта шапнула яму, і Джо засмяяўся.
- З чаго вы там смеяцеся? – спытаў Фрэнк.
- Не расказвай, Гарнэр, – папярэдзіла жонка. Джо зноў засмяяўся.
- Няхай Нікі бярэ сабе Прудэнс, а я ўжо маю добрую дзяўчыну, – сказаў Джо Гарнэр.
- Во, праўду кажаш, – адказала місіс Гарнэр.

Коні цяжка цягнулі па пяску. Джо ў цемры ляснуў пугай.
- Нэ, пайшлі! Заўтра яшчэ цяжэй вам будзе.

З узгорка коні пайшлі рыссю, фургон падскокваў. На ферме, ля дома ўсе павылазілі. Місіс Мітчэл адамкнула дзверы, зайшла ўнутр і вярнулася з лямпаю ў руцэ. Карл і Нік выгрузілі паклажу з фургона. Фрэнк сеў спераду і пагнаў коней у стайню. Нік падняўся па сходах і адчыніў дзверы ў кухню. Місіс Гарнэр распальвала печку. Яна плюхнула газы на дровы і павярнулася.

- Да пабачэння, місіс Гарнэр, – сказаў Нік. – Дзякуй, што ўзялі мяне.
- Ат, няма за што, Нікі.
- Было цудоўна.
- Мы заўжды радыя табе. Застанешся павячэраць з намі?
- Я лепш пайду, мяне ўжо бацька, пэўна, чакае.
- Ну добра, тады ідзі. Скажы толькі Карлу, каб ішоў у дом.
- Скажу.
- Дабранач, Нікі!
- Дабранач, місіс Гарнэр.
Нік выйшаў са двара і падаўся ў хлеў. Джо і Фрэнк даілі кароў.
- Дабранач, – сказаў Нік. – Я цудоўна бавіў час.
- Дабранач, – азваўся Джо Гарнэр. – А ты не застанешся павячэраць?
- Не, не магу. Калі ласка, скажыце Карлу, што яго маці кліча.
- Скажу. Дабранач, Нікі.

Нік абышоў хлеў і пашыбаваў басанож сцежкай цераз сенажаць. Сцежка была гладкая, раса халадзіла босыя ногі. У канцы сенажаці ён перамахнуў цераз плот, спусціўся ў яр, прамачыў ногі ў багне і пайшоў угору сухім букавым гаем, пакуль не ўбачыў агню ў доме. Ён пералез цераз плот і падышоў да ганку. Скрозь шыбу ён убачыў, як яго бацька сядзіць за сталом і чытае пры святле вялікай лямпы. Нік адчыніў дзверы і ўвайшоў.

- Ну, Нікі, – сказаў бацька, – добры быў дзянёк?
- Цудоўны, тату. Цудоўнае Чацвёртае ліпеня.
- Есці хочаш?
- Але.
- А дзе твае чаравікі?
- Пакінуў у Гарнэраў, у фургоне.
- Ну хадзем у кухню.

Бацька пайшоў наперад з лямпай. Ён спыніўся і падняў века лядоўні. Нік зайшоў у кухню. Бацька прынёс кавалак халоднай курыцы на талерцы і гарлачык малака і паставіў на стол перад Нікам. Паставіў лямпу.

- І яшчэ пірог, – сказаў ён. – Табе хопіць?
- Анягож.

Бацька сеў на крэсла ля накрытага цыратай стала. На кухоннай сцяне з’явіўся яго вялікі цень.

- Хто выйграў матч?
- Пэтоскі, пяць-тры.

Бацька сядзеў і глядзеў, як ён есць, потым наліў сыну шклянку малака. Нік выпіў і выцер рот сурвэткай. Бацька дацягнуўся да паліцы, узяў пірог. Адрэзаў Ніку вялікі кавалак. Пірог быў з чарніцамі.

- А ты што рабіў, тату?
- Зранку пайшоў парыбачыў.
- Чаго злавіў?
- Аднаго акуня.

Бацька глядзеў, як Нік есць пірог.

- А папалудні што рабіў? – спытаў Нік.
- Прагуляўся да індзейскага лагера.
- Кагосьці бачыў?
- Усе індзейцы ў горадзе былі, выпівалі.
- І што, анікога не бачыў?
- Сяброўку тваю бачыў, Прудзі.
- Дзе ж?
- У лесе, з Фрэнкам Ўошбёрнам. Натрапіў на іх. Добра яны бавілі час.

Бацька ўнікаў яго позірку.

- І што яны рабілі?
- Ды я не прыглядаўся.
- Раскажы, што яны рабілі.
- Я не ведаю, – сказаў бацька. – Чуў толькі, як яны там валтузяцца.
- Скуль ты ведаеш, што гэта яны?
- Бо бачыў.
- Ты ж, здаецца, казаў, што не бачыў.
- Ды не, бачыў.
- А хто з ёй быў? – спытаў Нік.
- Фрэнк Ўошбёрн.
- А яны… А яны…
- Што яны?
- Яны выглядалі шчаслівымі?
- Пэўна.

Бацька падняўся з-за стала і выйшаў з кухні. Калі ён вярнуўся, Нік сядзеў і глядзеў у сваю талерку. Ён быў плакаўшы.

- Хочаш яшчэ? – бацька ўзяў нож, каб адрэзаць пірага.
- Не, – адказаў Нік.
- З’еў бы яшчэ кавалачак.
- Не, не хачу больш.

Бацька прыбраў са стала.
- Яны былі ў лесе? – спытаў Нік.
- За лагерам.

Нік не адводзіў вачэй ад талеркі. Бацька сказаў:
- Ідзі спаць, Нік.
- Ага.

Нік пайшоў у свой пакой, раздзеўся і лёг. Ён чуў, як бацька ходзіць у гасцінай. У ложку Нік уткнуўся галавой у падушку.

- Маё сэрца разбітае, – думаў ён. – Я пачуваюся так, нібы маё сэрца разбітае.

Хутка ён пачуў, як бацька пагасіў лямпу і пайшоў у свой пакой. Ён слухаў, як знадворку ў дрэвах шамаціць вецер, і адчуваў халадок скрозь сетку на акне. Ён доўга ляжаў, уткнуўшыся ў падушку, пакуль не забыў пра Прудэнс і нарэшце не заснуў. Уночы ён прачнуўся і пачуў, як шамаціць вецер у піхтах на дварэ, а хвалі набягаюць на бераг возера – і зноў заснуў. Зранку дзьмуў моцны вецер, хвалі залівалі нізкі бераг, а Нік прачнуўся і доўга ляжаў, перш як успомніў, што ягонае сэрца разбітае.